У Польшчы рыхтуюць дадатковы наклад беларускіх падручнікаў



У польскім Сейме гаварылі пра адукацыю для нацыянальных меншасцяў. На пасяджэнні адмысловай камісіі прагучаў даклад віцэ-міністра адукацыі Мацея Копця.

Па такіх падручніках дзеці вывучаюць беларускую мову ў Польшчы

Чыноўнікі растлумачылі, што новы закон пра адукацыю, уведзены сёлета, не змушае мяняць падручнікі для беларусаў, гаворыць галоўны адмысловец Дэпартамента падручнікаў, праграмаў і інавацыяў Ганна Міхаляк:

– Новы закон пра адукацыю кажа, што ўсе падручнікі, якія дагэтуль былі дапушчаныя да ўжытку ў школах, усе гэтыя допускі ў выпадку падручнікаў для меншасці захоўваюцца.

У той жа час, прадстаўнік ведамства патлумачыла, што Міністэрства нацыянальнай адукацыі рыхтуе закуп дадатковых падручнікаў для беларусаў, гэтаксама як і для літоўцаў, немцаў ды кашубскай супольнасці.

Таксама на камісіі прагучалі выступы прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасцяў. У прыватнасці, сябра „Аб’яднання ўкраінцаў Польшчы” Міраслаў Скірка зазначыў, што дзейнае заканадаўства не спрыяе развіццю ўкраінскамоўнага школьніцтва.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава