У Польшчы – самы вялікі скачок заражэнняў каронавірусам з траўня



У Польшчы за аўторак, 28 верасня, зарэгістравалі больш за 1200 заражэнняў каронавірусам, гэта найбольшы паказчык з канца траўня 2021 года. Пра гэта паведамляе „Еўрапейская праўда” са спасылкай на PAP.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч паведаміў, што за мінулыя суткі зарэгістравалі 1234 новых хворых.

Найбольшая колькасць заражэнняў (220) прыпадае на Люблінскае ваяводства. Па словах спікера, там занятыя ўжо больш за 50% месцаў у бальніцах для ковідных хворых, а другое па загружанасці бальніц – Падкарпацкае ваяводства.

Андрусевіч адзначыў, што калі сітуацыя з захворваннем пачне імкліва пагаршацца, магчыма ўзмацненне каранцінных абмежаванняў. Паводле яго слоў, у Польшчы ва ўсіх ваяводствах паказчык вакцынацыі складае мінімум 40%.

Па дадзеных Еўрапейскага цэнтра папярэджання і кантролю захворванняў, у Польшчы цалкам вакцынавана ад каронавіруса 60% дарослага насельніцтва.

 Fot. PAP Leszek Szymański