У Польшчы стартуе вакцынацыя ад COVID-19



У Польшчы ды іншых краінах ЕЗ сёння пачынаецца вакцынацыя ад COVID – 19. Першымі прышчэпкі атрымаюць супрацоўнікі шпіталёў. 10 тысяч дозаў вакцыны размеркавана паміж 72 шпіталямі па ўсёй Польшчы.

Першай амерыкана-нямецкую прышчэпку фірмаў Pfizer і BioNTech атрымае галоўная медсястра шпіталя Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ў Варшаве.

Прышчэпка па ўсёй краіне пачнецца аб 11-тай гадзіне паводле польскага часу.

Улады Еўразвяза ўхвалілі выкарыстанне прэпарата ад кампаній Pfizer і BioNTech. Вытворца выказаў гатовасць да канца года паставіць у Еўропу 12,5 мільёна доз вакцыны. У перспектыве ўлады ЕЗ дамовіліся аб закупцы 200 мільёнаў доз. Па запэўненнях Pfizer і BioNTech, эфектыўнасць іх распрацоўкі складае 95%. Усе краіны Еўразвяза атрымалі вакцыны ад каронавіруса. Пра гэта паведаміла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен. Яна дадала, што ЕЗ мае дастатковую колькасць доз, каб прышчапіць 450 мільёнаў чалавек. Міністэрства аховы здароўя дазволіла людзям старэйшым за 60 гадоў далучыцца да масавай вакцынацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Stephen Dunn / Reuters