У Польшчы ўдакладняць закон пра гандль у нядзелі?



Міністр Эльжбета Рафальска кажа, што трэба ўдакладніць закон пра забарону гандлю ў нядзелі.

Міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі наведала Беласток, дзе прадставіла ў лічбах сацыяльныя ўрадавыя праграмы: 500+, карту вылікай сям’і, праграмы для пажылых ды інш.

Эльжбета Рафальска пракаментавала пытанне забароны гандлю ў нядзелі. Прафсаюз „Салідарнасць” прапануе больш дакладна прапісаць усё ў законе. Міністр пра падрабязнасці пакуль не кажа, але пагаджаецца, што змены патрэбныя:

– Ёсць пытанні, якія патрабуюць неадкладнай навелізацыі, сярод іх надужыванне статусам аддзелаў пошты, каб пазбегнуць абмежавання ганлю ў нядзелю. Гэта пачынае пашырацца. Таму трэба гэты закон удакладніць, бо ёсць такая патрэба, і мы не хочам гэтага адкладаць.

Міністр кажа, што падрабязна пазнаёміцца з прапановамі „Салідарнасці” ў бліжэйшыя дні. Некаторыя з іх патрабуюць абмеркавання. Прафсаюз, сярод іншага, прапануе ўвесці забарону на працу ў гандлёвых пунктах з 22 гадзіны ў суботу да 5 гадзіны раніцы ў панядзелак.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя