У Польшчы ўводзяцца новыя абмежаванні ў сувязі з COVID-19



35 тысяч 151 – рэкорд новых выпадкаў заражэння зафіксаваны ў краіне за мінулыя суткі. Трэцяя хваля COVID-19 прымусіла польскія ўлады зноў увесці абмежаванні ў працы грамадскага сектара. 

Як адзначыў сёння на прэсавай канферэнцыі прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, краіна чакае прыбыцця 7 мільёнаў доз вакцын, а пакуль польскаму грамадству варта настроіцца на самаізаляцыю, у тым ліку падчас надыходзячага Вялікадня.

– Зараз мы мусім змагацца за некалькі спраў, а перадусім за дзве найважнейшыя  – гэта жыццё і здароўе нашых грамадзян і месца працы палякаў. У лютым мы змаглі дазволіць сабе паслабленні. А цяпер мы ізноў ўзмацняем абмежаванні, каб гэтае абмежаванне мабільнасці дазволіла перарваць ланцуг заражэнняў.

Па словах міністра аховы здароўя Польшчы Адама Нядзельскага,  трэцяя хваля каронавіруса выглядае яшчэ больш грознай. У краіне занята каля 75 працэнтаў шпітальных ложкаў з апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. Таму на бліжэйшыя два тыдні ўведзены новыя абмежаванні, звязаных з барацьбой з каронавірусам:

– Вялікія мэблевыя крамы і будаўнічыя, плошчай больш за 2 тыс. квадратных метраў застануцца закрытымі. Аптовыя крамы і будаўнічыя склады будуць дасяжныя для будаўнічага сектара.

У крамах плошчай вышэй за 100 квадратных метраў зможа знаходзцці толькі 1 асоба на 20 квадратных метраў. Гэтая ўмова тычыцца таксама рэлігійных аб’ектаў. Таксама па словах Адама Нядзельскага, да 9 красавіка будуць закрытыя для наведвання цырульні, касметычныя салоны ды спартовыя аб’екты. Міністр таксама заклікаў усіх, у каго ёсць магчымасць, перайсці на дыстанцыйную працу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wyborcza.pl