У Польшчы ўвядуць „цукровы падатак”?
За салодкае жыццё ў Польшчы трэба будзе плаціць дадаткова? Мова пра падатак на прадукты, якія ўтрымліваюць шмат цукру. Пакуль гэта толькі прапанова, але яна мае шанцы на рэалізацыю, паколькі спажыванне цукру ў Польшчы расце вельмі хутка.
Падатак павінен паўплываць на здаровы лад жыцця грамадства, якое за апошнія гады значна павысіла спажыванне цукру. У мінулым годзе выйшла ў сярэднім па 51 кілаграму на чалавека, у той час калі тры гады таму было на 10 кілаграмаў меней.
Падатак прывядзе да падаражэння прадуктаў, асабліва напояў з высокім утрыманнем цукру, а ў сувязі з гэтым да меншага іх спажывання. Частка сродкаў ад падатку магла б пайсці на лячэнне хваробаў выкліканых празмерным спажываннем цукру. Навуковыя даследаванні даказваюць, што найбольшым эканамічным цяжарам для сістэмы аховы здароўя з’яўляецца атлусценне грамадства. Але цукар – гэта адна з прычынаў.
Польскія адмыслоўцы ўжо падрыхтавалі рапарт і праект закону, якія датычаць цукровай праблемы, але афіцыйна іх прадставяць толькі пасля выбараў у Польшчы.
Падобны падатак ужо ўвяло адзінаццаць краінаў Еўразвязу. Напрыклад, у Венгрыі абʼём цукру ў прадуктах зменшыўся на 40%. У мінулым годзе падатак быў уведзены ў Вялікабрытаніі, у выніку кошт аднаго з папулярных газаваных напояў вырас на паўтара фунта.
Як мяркуецца, у Польшчы ў сувязі з увядзеннем „цукровага падатку” кошт аднаго газаванага напою вырасце ў сярэднім на 50 грошай ці прыблізна на адзін беларускі рубель.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя