Колькасць інфікаваных каронавірусам у Польшчы будзе павялічвацца (абноўлена)
Колькасць інфікаваных вірусам COVID – 19 у Польшчы будзе павялічвацца, – сказаў на сённяшнім брыфінгу міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.
У Польшчы 221 пацверджаны выпадак інфекцыі, у тым ліку – 5 смяртных выпадкаў.
– Сёння 44 новыя выпадкі захворвання на каронавірус. Верагодна, у бліжэйшыя дні колькасць хворых вырасце. Так выглядае сітуацыя, што колькасць інфікаваных цягам бліжэйшага тыдня – двух будзе, верагодна, вялікая.
У Польшчы абвешчаная сітуацыя эпідэмічнай пагрозы. У сувязі з тым, што ў міністра аховы навакольнага асяроддзя выявілі каронавірус, 15 міністраў перайшлі ў рэжым каранціну. Ад нядзелі 15 сакавіка закрытыя межы, спыняюцца міжнародныя паветраныя і чыгуначныя зносіны. Усе грамадзяне, якія вяртаюцца ў Польшчу, мусяць прайсці 14-дзённы каранцін.
Фота wiadomosci.onet.pl
* * *
Міністэрства аховы здароўя паведаміла пасля апоўдня пра 16 новых выпадкаў захворвання на каронавірус. Агулам у Польшчы пацверджаны 221 выпадак, з сённяшняй раніцы гэта ўжо 44. Пацверджаныя выпадкі датычаць 6 новых асоб у Дольнашлёнскім ваяводстве, 3 асобы з Лодзінскага ваяводства, па 2 асобы з Шлёнскага і Велькапольскага і па адной асобе ў Малапольскім, Люблінскім і Куяўска-Паморскім ваяводствах.
Падляшша надалей застаецца адзіным ваяводствам у Польшчы, дзе няма пацверджаных выпадкаў інфекцыі віруса COVID – 19.
* * *
Абноўленая статыстыка па каронавірусе ў Польшчы: 205 выпадкаў з пачатку эпідэміі, і ўжо 5 смяротных.
Пятай ахвярай стаў 57-гадовы мужчына, які, як паведамляе Міністэрства здароўя, меў іншыя захворванні.
Падляшскае ваяводства застаецца адзіным у Польшчы без пацверджанага выпадку заражэння каронавірусам. Пры гэтым у рэгіёне – 11 чалавек у шпіталі з падазрэннем каронавірусу.
Важна, што тэсты на каронавірус ужо выконваюцца ў Беластоку, аналізы не трэба адпраўляць у Варшаву.
І яшчэ інфармацыя з Польшчы – каронавірус мае міністр асяроддзя Міхал Вось. Таму ўсе міністры, прысутныя на апошнім пасяджэнні ўраду, здалі тэсты на каронавірус. Вынікі дазнаемся сёння, 17 сакавіка. Прэзідэнт Анджэй Дуда адклікаў сённяшняе пасяджэнне Рады кабінету міністраў.
Беларускае Радыё Рацыя