У Польшчы ўжо больш за 3,5 тысячы інфікаваных (абноўлена)



Падчас суботняй прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі і кіраўнік канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык супольна заклікалі палякаў не наведваць свае сем’і падчас Велікодных святаў. “Свята – гэта духоўная падзея для нас усіх, але фізічны кантакт пры супольным сямейным стале ёсць вялізнай пагрозай”, – адзначыў міністр Шумоўскі. Ён дадаў, што няма ніякіх пасылаў да таго, каб у бліжэйшыя тыдні эпідэмія стала знікаць.

Па стане на сённяшні вечар, у краіне зафіксавана больш за 3,5 тысячы выпадкаў заражэння каронавірусам новага тыпу,  больш за 70 чалавек памерлі, а 116 чалавек выздаравелі.

* * * 

Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла пра чарговыя 120 выпадкаў заражэння каронавірусам.  Адразу 50 новых заражэнняў выяўлена у Слёнскім ваяводстве. На Падляшшы новых выпадкаў не зафіксавана. Памерлі яшчэ два інфекаваныя COVID-19 чалавекі. Гэта 67-гадовая жанчына з Чэнстаховы і 88-гадовая жанчына з Рацібору, у якой выявілі спадарожныя хваробы. У суме колькасць заражаных у Польшчы на сёння складае 3503 чалавекі, памерлі 73 чалавекі.

Беларускае Радыё Рацыя