У Польшчы выдадуць аўтабіяграфію Надзеі Саўчанкі
Ужо ў ліпені ў кнігарнях з’явіцца аўтабіяграфія Надзеі Саўчанкі на польскай мове.
Як кажа ўласнік выдавецтва «Ад дошкі да дошкі», тэлежурналіст і публіцыст — Томаш Сэкельскі кніжку складуць аўтаграфічныя запісы, якія ўкраінская лётчыца перадавала пры дапамозе свайго адваката ў час знаходжання ў зняволенні ў Расеі:
— Такую кнігу трэба выдаць, дзеля таго, каб увекавечваць падобныя гісторыі, паказваць, што адбываецца ў Расеі, бо тое, як функцыянуе тамашняя сістэма — гэта жахліва. Я лічу, што такая кніга Надзеі — гэта важнае сведчанне таго, як ставяцца да людзей у краіне, якая нібы імкнецца, каб яе лічылі дэмакратычнай і хоча быць адным з сусветных лідараў. Таму, мы палічылі, што гэта трэба выдаць. Мы вельмі ўзрадаваліся вызваленню Надзеі. Ёсць вялікая верагоднасць, што яна прыедзе ў Польшчу на прэм’еру кнігі.
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка была прысуджана ў Расеі да 22 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі ў дачыненні да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. 25 траўня ўкраінскую ваеннапалонную лётчыцу вызвалілі ў абмен на двух супрацоўнікаў расейскага ГРУ. Надзея Саўчанка некалькі разоў абвяшчала галадоўку, у тым ліку і сухую, патрабуючы свайго вызвалення і вяртання ва Украіну.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток