У Польшчы вырашылі зніжаць цэны на паліва, газ, прадукты харчавання і ўгнаенні



Прадстаўляючы антыінфляцыйную праграму на прэс-канферэнцыі, польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі паведаміў аб зніжэнні цэнаў на паліва, газ, прадукты харчавання і ўгнаенні. Кіраўнік ураду абʼявіў, што на працягу шасці месяцаў, пачынаючы з 1 лютага, стаўка падатку на даданую вартасць на паліва знізяць з 23 да 8%.

«Гэта будзе радыкальнае змяненне цэнаў. Палякі ўбачаць на запраўках яшчэ больш нізкія цэны на паліва. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца ўжо праз тры, максімум праз чатыры тыдні. Гэтыя выдаткі бюджэт польскай дзяржавы бярэ на сябе», — сказаў кіраўнік урада.

Маравецкі таксама паведаміў, што ўрад прыняў рашэнне аб зніжэнні стаўкі падатку на даданую вартасць на харчы да 0%. Гэта датычыцца большасці прадуктаў харчавання. Як сказаў прэмʼер, паводле ўрадавых разлікаў, пасля зніжэння стаўкі ПДВ у кашальку кожнага паляка павінна заставацца на 45 злотых больш, а гэта крыху менш за 10 еўра.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wnp.pl