У Польшчы з 1 лютага адкрываюць гандлёвыя цэнтры
У Польшчы з 1 лютага адкрываюць гандлёвыя цэнтры. Астатнія абмежаванні працягнулі да 14 лютага. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў міністр аховы здароўя Польшчы Адама Нядзельскі, які абвясціў таксама іншыя паслабленні некаторых абмежаванняў у краіне ў сувязі з каронавірусам.
– Адкрываем гандлёвыя цэнтры, але з захаваннем санітарнага рэжыму. А таксама ўстановы мастацтва і музеі. Тут таксама захоўваецца санітарны рэжым. Установы культуры будуць адкрытыя з першага лютага. Звярнуліся да нас грамадзяне, каб адмяніць гадзіны для пенсіянераў. Мы адкрываем увесь гандаль, але адкрываем з санітарнымі нормамі, таму прыслухаемся да гэтых пажаданняў і гадзіны для пенсіянераў адменім. ⠀
Астатнія абмежаванні падоўжаныя да 14 лютага. Гэта значыць гатэлі зачыненыя, гастраномія працягне працаваць толькі на вынас, трэнажорныя залы застануцца зачыненыя. А вучні сярэдніх і старэйшых класаў застаюцца на выдаленым навучанні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя