У Польшчы з-за моцнага ветру без святла засталіся 150 тыс. чалавек



Ураганны вецер абрынуўся ў мінулыя суткі на тэрыторыю Польшчы. Як інфармуе Урадавы цэнтр бяспекі краіны, у выніку непагадзі пацярпеў адзін чалавек, амаль 150 тыс. грамадзян засталіся без электрычнасці.

Паводле інфармацыі ратавальнікаў, на пацярпелую жанчыну звалілася дрэва ў мясцовасці Атвоцк. Яна атрымала раненні і трапіла ў бальніцу.

Моцны вецер сарваў дахі з 15 жылых дамоў і чатырох гаспадарчых пабудоў. З-за абрываў ліній электраперадачы 148 тыс. чалавек засталіся без святла. У шэрагу рэгіёнаў з-за разгулу стыхіі перакуліліся гаражы. У горадзе Явожна быў зачынены касцёл, элементы вежы якога зрывала парывамі ветру.

Польскім пажарным і ратавальнікам прыйшлося выехаць на некалькі сотняў выклікаў, звязаных з паваленымі дрэвамі. У Апольскім ваяводстве пасля ўдару маланкі адбыўся пажар.

pap.pl