У Польшчы за пятніцу спынілі звыш 450 спроб незаконнага пераходу мяжы мігрантамі
Больш за 450 спроб незаконнага пераходу польска-беларускай мяжы зафіксавалі 22 кастрычніка польскія памежнікі, паведамляе «Интерфакс-Запад» са спасылкай на Памежную службу Польшчы ў суботу.

«22.10 на мяжы Польшчы і Беларусі было здзейснена 457 спроб незаконнага пераходу. Затрыманыя чацвёра грамадзян Кубы і двое грамадзян Сірыі. Астатнія спробы былі папярэджаныя. За дапамогу мігрантам затрыманыя трое замежнікаў», — гаворыцца ў паведамленні ведамства ў «Твітары».
«У цяперашні час у ахоўных цэнтрах для замежнікаў знаходзіцца 1 тыс. 700 чалавек», — праінфармавалі ў Памежнай службе Польшчы.
Як паведамлялася, сёлета праз мяжу з Беларуссю ў Літву, Латвію і Польшчу трапілі некалькі тысяч мігрантаў, пераважна з Ірака. У Літве і Польшчы праз крызіс з мігрантамі ўвялі на мяжы надзвычайнае становішча, пачалі ўзводзіць загароды з калючага дроту, узмацняць ахову мяжы для спынення патокаў «нелегалаў» з тэрыторыі Беларусі.
Паводле даных польскіх улад, з пачатку года каля 10 тыс. чалавек спрабавалі незаконна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, з іх амаль 4 тыс. — у верасні. Каля 1,5 тыс. мігрантаў былі затрыманыя польскімі праваахоўнікамі.
