У Польшчы забароняць гандляваць у нядзелю?
Палітыкі кіруючай партыі „Закон і справядлівасць” хочуць унесці змены на пачатку 2018 г.
На Падляшшы большая частка бізнесу трымаецца на пакупніках з Беларусі, якія звычайна прыязджаюць у выходныя. З-за гэтага могуць пацярпець падляшскія прадпрымальнікі, кажа дэпутат ад партыі „Навачэсна” Кшыштаф Трускаляскі:
– Беларусы ў асноўным прыязджаюць у выходныя, найчасцей прыязджаюць у суботу ўвечары і ў нядзелю робяць пакупкі. Цяпер, на жаль, такой магчымасці не будзе, абароты беластоцкіх крамаў упадуць.
– Дрэнна канешне, бо менскія прыязджаюць у пятніцу ці суботу, а ў нядзелю вяртаюцца.
– Ну добра, калі хочуць так зрабіць. Усе па-рознаму прыязджаюць, хто хоча прыехаць, у каго атрымліваецца, той і ў будні прыязджае.
– Мы і ў будні прыязджаем, а некаторыя людзі толькі ў выходныя прыязджаюць.
Старшыня падляшскай „Салідарнасці” Юзэф Мазалеўскі:
– Працадаўцы кажуць пра прадуктыўнасць. Мы, як работнікі, не заўсёды прадуктыўныя. Як можа быць работнік прадуктыўным, калі ён ад нядзелі да нядзелі працуе і не мае магчымасці адпачыць.
Паводле праекта закона, які можа быць прыняты ў новым годзе, крамы змогуць працаваць толькі ў нядзелі перад Калядамі і Вялікаднём.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя