У Польшчы запусцілі праграму індывідуальнай інтэграцыі для мігрантаў



У сувязі з вялікай колькасцю мігрантаў па палітычных матывах Польша паскорыла тэрмін разгляду заяваў на атрыманне статуса міжнароднай апекі. Для мігрантаў, якія ўжо атрымалі гэты статус, прадугледжана дзяржаўная праграма індывідуальнай інтэграцыі – IPI. Але каб скарыстацца ёю, мігрант абавязаны скласці заяву ў павятовы цэнтр дапамогі сям’і. Тэрміны складання заявы строга абмежаваныя, кажа супрацоўнік Цэнтру падтрымкі іншаземцаў у Беластоку пры фондзе «Акно на Усход» Павел Міцкевіч:

 – Ад моманту атрымання на рукі рашэння аб прызнанні вам статусу міжнароднай абароны, у вас ёсць 60 дзён на падачу заявы ў павятовы асярдак дапамогі сям’і. 60 дзён лічыцца не ад даты выстаўлення рашэння на дакуменце, а ад даты, калі вы гэты дакумент прынялі ад паштальёна.

Удзел у праграме IPI гарантуе мігрантам фінансавыя сродкі, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу і медыцынскую страхоўку для усёй сям’і цягам года. Гэтага часу дастаткова, каб знайсці працу, вывучыць мову і атрымаць новую кваліфікацыю, лічыць Павел Міцкевіч.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belostok.pl