У Польшчы затрымалі беларуса за дапамогу ў нелегальнай міграцыі



На польска-нямецкай мяжы 2 траўня быў затрыманы 20-гадовы грамадзянін Беларусі, які прадставіўся студэнтам аднаго з польскіх універсітэтаў.

Паводле Памежнай аховы Польшчы, беларуса затрымалі за тое, што ён дапамог 5 грамадзянам Іраку перасекчы дзяржаўную мяжу з Польшчы ў Нямеччыну. Як высветлілася, у беларуса на тэлефоне былі запісы, якія зафіксавалі момант перасячэння іракцамі польска-нямецкай мяжы. Ён захоўваў іх для атрымання аплаты за аказаныя паслугі.

Паведамляецца, што затрыманы беларус будзе несці крымінальную адказнасць за садзейнічанне ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Яму таксама пагражае дэпартацыя і часовая забарона на ўезд у Польшчу і іншыя краіны Шэнгенскага пагаднення.

Фота: twitter.com/Straz_Graniczna