У Польшчы затрымалі чальцоў шпіёнскай сеткі, якія працавалі на расейскія спецслужбы (абноўлена)



Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі выступіў з афіцыйнай заявай аб ліквідацыі расейскай шпіёнскай сеткі. 15 сакавіка аб аперацыі стала вядома СМІ.

Па словах Каміньскага, Служба ўнутранай бяспекі затрымала 9 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расейскімі спецслужбамі. Па версіі ABW, яны вялі разведвальную дзейнасць і рыхтавалі дыверсіі.

Усе затрыманыя названыя „замежнікамі з-за ўсходняй мяжы”. Шасцёра з іх змешчаныя судом пад варту. Ім прад’яўлена абвінавачанне ў шпіянажы на карысць Расеі і ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. У дачыненні да траіх затрыманых вядзецца крымінальны пераслед.

Каміньскі адзначыў, што факты ўказваюць на спробы групы кантраляваць чыгуначныя маршруты. У яе задачы ўваходзіла выяўленне, маніторынг і дакументаванне перавозак зброі для Украіны. Падазроныя таксама рыхтаваліся здзейсніць дыверсіі, якія павінны былі спыніць гэтыя пастаўкі.

***

Раніцай 16 сакавіка адзін з беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што тры з дзевяці затрыманых у Польшчы з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Гэта Уладзіслаў Пасміцюха (1994 года нараджэння), Марыя Мядзведзева (2004) і Мікалай Маскаленка (1971). Там жа былі апублікаваныя відэазвароты, як сцвярджаецца, сваякоў затрыманых, якія заяўляюць аб сфабрыкаванай справе.

***

“Гэта была шпіёнская група людзей, якія збіралі інфармацыю для тых, хто нападаў на Украіну, – заявіў ў інтэрв’ю Польскаму радыё міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак пра сетку шпёнаў затрыманую Агенствам Унутраннай бяспекі ( ABW). Міністар дадаў, што «пагроза рэальная» і адзначыў, што ў Польшчы можа дзейнічаць больш такіх груповак.

Радыёснанцыя RMF FM паведаміла ў сераду пра затрыманне шпіёнскай сеткі, якая працуе на Расею. Група мела весці падрыхтоўку да дыверсійнай дзейнасці, у т.л. сачыць за чыгункай.

RMF FM паведаміла, што затрыманыя замежнікі з-за усходняй мяжы Польшчы. Яны мелі працаваць на замову расейскіх спецслужбаў. «Супрацоўнікі ABW затрымалі іх у сувязі з выяўленнем схаваных камераў на важных трасах і чыгуначных вузлах, якія фіксавалі рух на пуцях і перадавалі відэа у сетку».

RMF FM піша, што гаворка ідзе пераважна пра ўчасткі чыгуначных шляхоў у Падкарпацкім ваяводстве, напрыклад, каля аэрапорта ў Ясёнцы (Jasionce), які з’яўляецца асноўным пунктам перагрузкі заходняй зброі і боепрыпасаў для Украіны.