У Польшчы затрымалі яшчэ трох чалавек з расейскай шпіёнскай сеткі
Днямі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымала яшчэ трох чалавек, якія дзейнічалі ў рамках нядаўна раскрытай расейскай шпіёнскай сеткі. Пра гэта Польскаму прэс-агенцтву паведаміў намеснік міністра — каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Усяго, такім чынам, па гэтай справе ўжо затрыманыя 12 чалавек.
«Гаворка ідзе пра асобаў, якія дзейнічалі ў складзе групы, якой кіравалі расейскія спецслужбы. Яны выконвалі пэўныя задачы па даручэнні расейскіх спецслужбаў, якія з’яўляюцца часткай дзейнасці тыпова разведвальнага характару, але таксама і прапагандысцкага. Гэта цэлая сетка людзей, якія мелі задачу збіраць інфармацыю аб маршрутах і транспартных сродках, якія даюцца Украіне, але гэтыя людзі таксама распаўсюджвалі спецыфічны кантэнт, замоўлены расейскім бокам у рамках актыўнай прапагандысцкай дзейнасці супраць Польшчы», — паведаміў Жарын.
Упершыню пра тое, што Агенцтва ўнутранай бяспекі ліквідавала шпіёнскую сетку, якая дзейнічала на карысць Расеі, заявіў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і міністр — каардынатар спецслужбаў Марыюш Камінскі 16 сакавіка.