У Польшчы значна скарачаецца колькасць гандлёвых нядзель
У новым годзе ў Польшчы значна скарачаецца колькасць гандлёвых нядзель. Забарона на гандаль па нядзелях не будзе дзейнічаць толькі шэсць разоў. Сёлета крамы і гандлёвыя цэнтры маглі працаваць кожную апошнюю нядзелю месяца. У 2020 годзе забарона на гандаль па нядзелях не будзе абавязваць толькі ў апошнюю нядзелю студзеня, красавіка, чэрвеня і жніўня, а таксама ў дзве апошнія нядзелі перад Калядамі і ў нядзелю перад Вялікаднем.
Акрамя таго, у два дні 2020 года ў Польшчы будзе забаронены гандаль пасля 14.00. Гэта тычыцца суботы напярэдадні Вялікадня і Куцці Божага нараджэння.
На думку польскага ўрада, абмежаванне гандлю па нядзелях мае вялікае значэнне для ўмацавання сям’і і сямейных каштоўнасцяў.
Закон аб абмежаванні гандлю па нядзелях пачаў дзейнічаць 1 сакавіка 2018 года. Ён прадугледжвае, што ў дні забароны на гандаль пакупкі можна будзе рабіць у прывакзальных кіёсках, на заправачных станцыях, у аптэках, пякарнях, кандытарскіх і крамах з кветкамі. Могуць быць адкрыты таксама раённыя крамы пры ўмове, што за прылаўкам стаяць самі ўладальнікі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота konstantinkanin.com