У Польшчы знялі фільм пра караля дыска-пола, які мае беларускія карані



14 лютага на экраны польскіх кінатэатраў выходзіць мастацкі фільм “Зэнэк”, які распавядае гісторыю вядомага польскага музыкі Зянона Мартынюка, паведамляе belsat.eu. 

Фота: weekend.gazeta.pl

“Гісторыя хлопчыка з падляшскай вёскі, які рэалізуе сваю вялікую мару спяваць і забаўляць натоўп. Дзякуючы яго настойлівасці, цяжкай працы і шматлікім ахвярам ён дасягнуў неверагодных поспехаў”, – кажуць пра героя фільму аўтары стужкі.

Зянон Мартынюк нарадзіўся ў 1969 годзе ў сённяшнім Бельскім павеце ў мяшанай праваслаўна-каталіцкай сям’і. Музыкай пачаў займацца з сямі гадоў. Спяваў па-беларуску і нават выйграваў музычныя конкурсы сярод беларускіх дзяцей Падляшша.

Пра перамогу Зянона Мартынюка пісала беластоцкая газета “Ніва”. Зэнэк з’яўляецца адным з найбольш папулярных польскіх музыкаў у жанры дыска. Яго называюць “каралём дыска-пола”.