У пункце пропуску „Беняконі” часова прыпынены пропуск людзей і транспарту
На мяжы з Літвой у пункце пропуску „Беняконі” (Гарадзенская вобласць) 4 снежня часова прыпынены пропуск асоб і транспартных сродкаў, паведамляе Дзяржпагранкамітэт у сваім тэлеграм-канале.
„Паводле інфармацыі сумежнага боку, з 10.00 да 15.00 у міжнародным памежным пункце пропуску „Шальчынінкай” (на беларускім баку — „Беняконі”) праводзяцца рамонтныя работы па энергазабеспячэнні. У сувязі з гэтым часова прыпынены пропуск асоб і транспартных сродкаў”, — адзначаецца ў паведамленні.
Рамонт працягнецца 7 і 21 снежня з 9.30 да 15.00.
Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе ўлічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездак і сачыць за зменай сітуацыі і чэргамі на мяжы.
Акрамя таго, паводле інфармацыі сайта ведамства, цяпер у пунктах пропуску з беларускага боку на выезд сабралася каля 1 тыс. грузавікоў. Больш за ўсё фур на мяжы з Літвой — каля 800. Каля 100 велікагрузаў стаяць на мяжы з Польшчай і больш за 60 — з Латвіяй.