У пункце „Мядзінінкай” адмоўлена ва ўездзе 108 грамадзянам Беларусі



У першы дзень пасля закрыцця літоўскай мяжы, 16 сакавіка, у пункце пропуску „Мядзінінкай” („Каменны Лог” на беларускім баку) адмоўлена ва ўездзе 108 грамадзянам Беларусі, паведаміў партал ru.delfi.lt са спасылкай на BNS, якому падаў дадзеныя прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы.

Паводле слоў прадстаўніка памежнікаў, людзі напружаныя і незадаволеныя, але канфліктаў пакуль не ўзнікала.

У сувязі з пагрозай распаўсюджвання каронавіруса COVID-19 Літва на два тыдні ўвяла каранцін і закрыла ўезд для замежнікаў. Выключэнне — асобы, якія забяспечваюць дастаўку ў краіну неабходных тавараў, члены сем’яў грамадзян Літвы, у якіх ёсць від на жыхарства і права на працу ў Літве, прадстаўнікі ваенных місій НАТА.

17 сакавіка Вярхоўная рада Украіны, якая таксама забараніла ўезд грамадзянам іншых дзяржаў, прыняла рашэнне не караць замежнікаў за парушэнне тэрміну знаходжання ў краіне, калі яны на момант увядзення каранціну знаходзіліся там на законных падставах і не паспелі своечасова выехаць альбо звярнуцца ў падраздзяленні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны з заявай аб працягу тэрміну знаходжання.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава паведаміла, што замежнікі, уезд якіх забаронены з 18 сакавіка па 30 красавіка, могуць лётаць праз расейскія аэрапорты транзітам.

belapan.by

Фота © Scanpix