У Раду Бельскага павета выбяруць 17 дэпутатаў
17 дэпутатаў у Раду павета маюць абраць жыхары Бельскага павета ў час мясцовых выбараў 16-га лістапада. Усяго кандыдатаў – 180. У тым ліку 21 кандыдат знаходзіцца ў спісах трох павятовых акруг ад Бельскай кааліцыі. Як лічыць дэпутат Васіль Ляшчынскі, адзін са стваральнікаў кааліцыі, трэба галасаваць за тых, якія будуць бараніць інтарэсы людзей, а не інтарэсы партый:
– Група мусіць трымацца разам пэўнай ідэі. А наша ідэя – захаваць нацыянальнасць. Каб гэтыя вёскі ды гарады, дзе мы жывём, мелі і беларускую барву. Я не кажу выключна пра беларускую барву. Трэба, каб яна проста была. Бо нельга нас перавярнуць, змяніць. Гэта было перад 1939 годам у некаторых вёсках нашага павета, калі цэлыя вёскі перайшлі пад прымусам і цяпер яны каталікі ды моцныя палякі.
У спісах Бельскай кааліцыі ў Раду павета знаходзяцца, між іншымі, заснавальнік і дырэктар Музея Малой Айчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік, войт гміны Орля Пётр Сяльвесюк, выканаўца абавязкаў бурмістра Бельска Яраслаў Бароўскі ды іншыя вядомыя ў рэгіёне асобы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rzeszow4u.pl