У Рызе міністры абароны ЕЗ абмяркуюць дапамогу Украіне
Украіна будзе галоўнай тэмай размоваў міністраў абароны краінаў ЕЗ, якая пройдзе сёння ў Рызе. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Томаш Семоняк на старонцы ў твітэры.
У ЕЗ і ЗША па-ранейшаму працягваюцца дыскусіі наконт продажу Украіне зброі. Такое пытанне ўвогуле не павінна было абмяркоўвацца, кажа былы віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Павал Коваль:
– Мы не маем маральнага права адмаўляць ім. Бо гэта права самаабароны – фундаментальнае права кожнага, хто падвергнуўся нападу. Няма ніякіх падстаў для адмовы і абмежавання прадажу зброі ўкраінцам.
Пастаўкі зброі разглядаў на мінулым тыдні Прэзідэнт ЗША. Пытанне было адкладзенае ў спадзяванні на перамір’е на ўсходзе Украіны. Нягледзячы на перамір’е, цяжкія баі працягваюцца ў раёне Дэбальцава.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kudaby.ru
