У Саколе на Падляшшы святкавалі Свята грыба
Калектывы з Польшчы і Беларусі, майстар-класы і падляшская кухня – у Саколе святкавалі Свята грыба. Мерапрыемства прыцягнула сотні людзей, якія маглі пакаштаваць і купіць лакальныя прадукты. Ахвотных не бракавала да шматлікіх конкурсаў. Найбольш цяжкім быў збор грыбоў за званне Грыбнога Уладара. Нягледзячы на сухмень, і сёлета знайшліся ахвотныя рушыць у паход у лес. Смельчаком дапамаглі леснікі і карты з пазначанымі муляжнымі грыбамі.
– Часам чары – гэта сфера асобнага асяродка культуры. Маем сваіх шаптух і іншых працаўніц, якія могуць паспрыяць, каб знайсці ў лесе грыбы.
– Ведаю пра здарэнні, якія закончыліся трагічна. Хтосьці пайшоў збіраць грыбы, але кепска разбіраўся ў ядомых грыбах. Гэта сапраўды трэба быць адмыслоўцам, каб добра разбірацца ў грыбах.
– Існуе небяспека пажараў у лесе. Самі па сабе пажары не ўзнікаюць. Калі ходзіш па лесе, трэба быць асцярожным, каб не ўтварыць пажар.
Свята грыба ў Саколе прайшло пры звуках добрай музыкі. На сцэне выступілі падляшскія народныя гурты, але таксама „Гуляй Бульбаш” з Менска. Зоркай вечара быў Гжэгож Купчык Acoustic. Мерапрыемства было сарганізаванае Гмінным цэнтрам культуры ў Міхалове, гмінай Міхалова, лясніцтвам Жэдня і Цэнтрам лакальнага прадукту ў Саколе.
Беларускае Радыё Рацыя