У Саколцы пабудуюць адразу два буйныя гандлёвыя цэнтры
Не аднымі Tesco і Biedronka збіраецца завабліваць беларусаў польская Саколка. Гандлёвыя сеткі ўсё бліжэй падыходзяць да беларускай мяжы, перахапляючы нашых суайчыннікаў па шляху ў Беласток. Так, да канца 2018 года ў Саколцы будзе пабудавана адразу два буйныя гандлёвыя цэнтры.
Адзін з іх плошчай амаль 6 000 кв.м. з’явіцца на скрыжаванні вуліц Łąkowa і Norwida, другі на 3 000 «квадратаў» – на вул. Jana Pawła II.
Першы гандлёвы цэнтр можа пачаць сваю працу ўжо восенню 2018 года. Мэта – адкрыцца да пачатку калядных распродажаў. Цалкам верагодна, што ў ім пачне працу супермаркет сеткі Lidl, сеткі Pepco і CCC. Інвестар задумаў новы аб’ект, як ГЦ, дзе ўсё можна купіць у адным месцы. Тым больш, што ў цэнтры горада не так шмат крамаў, куды можна свабодна пад’ехаць на аўтамабілі – вялікая паркоўка будзе яго адметнай асаблівасцю.
Другім гандлёвым аб’ектам стане ГЦ «Сокал» на вул. Jana Pawła II. У трэцім або чацвёртым квартале 2018 года інвестар хоча ўзвесці аб’ект побач з існуючай крамай Biedronka . Будаўнічыя працы ўжо пачаліся. Пакуль невядома, якія крамы будуць размешчаны ў ГЦ. Паводле папярэдняй інфармацыі, там можа з’явіцца Media Expert. Таксама побач будуць пабудаваны аўтазаправачная станцыя і аўтамыйка.