У Саколцы ўрачыста адкрылі Камяніцу Тызенгаўза
У Саколцы прайшло ўрачыстае адкрыццё Камяніцы Тызенгаўза. Будынку XIX стагоддзя ў цэнтры гораду вярнулі гістарычнае аблічча. Камяніца адрамантавана і адчыненая для наведнікаў. У будынку знаходзяцца майстэрні – керамічныя і графічныя. Тут таксама будуць праходзіць сустрэчы і культурныя мерапрыемствы.
На думку бурмгамістра Саколкі Евы Кулікоўскай, гэта першы крок для бліжэйшага супрацоўніцтва з Гародняй:
– З гэтага чаcу афіцыйна Саколку і Гародню аб’ядноўвае Антоній Тызегаўз. Тым больш гэта радуе, бо маем такую салідную падставу да далейшай супрацы, і на базе “Шляху Тызенгаўза”, Антонія Тызенгаўза маем мажлівасць развіцця Саколкі і Гародні ў кантэксце культурным, гістарычным і нашай спадчыны.
Каардынатар праекту ў Беларусі Сяргей Каляда:
– У мяне ўвесь час пытаюць, якая пасада ў Тызенгаўза. Гарадзенскі стараста і яшчэ куча тытулаў у яго. Самы галоўны тытул у Тызенгаўза – ён быў сябрам караля. Кароль яму даверыў свае фінансы. І пакуль ён яму давяраў, усё было добра. І ўсе гладзелі на тое, што рабілі гэтыя два сябры. І яны не раўняліся на адсталых, яны раўняліся на Англію, Германію, Францыю, Італію. Нездарма яны зрабілі эканоміку. А разам з гэтым самае галоўнае, што яны зрабілі, і што нашым краінам трэба зрабіць, гэта быў яшчэ вельмі магутны пад’ём культурнага роўню.
Рамонт камяніцы – гэта частка трансгранічнага праекта „Шляхам Тызенгаўза”, які ажыццяўляецца сумесна з уладамі Гародні. Кошт рамонту склаў каля 3 млн 300 тыс злотых.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Саколка