У Шчытах прайшлі «Вераснёвыя сустрэчы»
У Шчытах-Дзенцёлове, што ў Арлянскай гміне на Падляшшы, прайшлі «Вераснёвыя сустрэчы».
Гэта была нагода да яднання маладога і старэйшага пакаленняў беларусаў праз музыку. Шчытоўскай публіцы заспявалі «Арляне», «Астэрыя», мясцовыя «Верасы», а таксама дзеці з садка ў Бельску Падляшскім і школьнікі з Гайнаўкі.
Кажа Ігар Лукашук з Цэнтра адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцёлове:
— Гэта не толькі канцэрты, гэта перш за ўсё сустрэчы пакаленняў дзяцей з пакаленнямі бабуль. Гэта сустрэчы калектываў, сустрэчы нашай публікі. Гэта таксама сустрэчы дзяцей не толькі з беларускай музыкай, але і з беларускімі народнымі ўзорамі, паколькі ўжо традыцыйна ў час нашых сустрэч адбыліся майстар-класы для дзяцей па ўзорах, якія калісьці вышывалі на нашых кашулях бабулі.
Чарговая пленерная імпрэза ў Шчытах адбудзецца ў будучым траўні на свята вёскі. У бліжэйшым часе Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры запрашае 21 верасня на прагляд фільмаў Радаслава Дамброўскага.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя