У сталіцы Падляшша адкрылася канферэнцыя «Беласток: яўрэйскія гісторыі»
У межах падсумавання 80-х угодкаў паўстання ў Беластоцкім гета, у Музеі Памяці Сібіры распачала працу навуковая канферэнцыя «Беласток: яўрэйскія гісторыі». З дакладамі выступяць гісторыкі Ягелонскага, Варшаўскага і Беластоцкага ўніверсітэтаў, а таксама даследчыкі Габрэйскага гістарычнага інстытута і Музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN.

Урачыста адкрыў канферэнцыю Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:
– Гэта навуковая канферэнцыя. Спадзяюся, пасля яе застануцца пэўныя вынікі – перадусім публікацыі. У канферэнцыі ўзялі ўдзел навукоўцы з іншых рэгіёнаў Польшчы. Імкнемся быць польскай сталіцай ў справе памяці сібіракаў, але таксама памяці пра другое пасля варшаўскага паўстання ў Беластоцкім гета.
Важныя крокі па адбудове гебраістыкі як навукі на Беласточчыне пералічыў супрацоўнік гістарычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Артур Маркоўскі:
– Вывучыць ідыш у Беластоку няпроста, хоць ёсць святло ў тунэлі. Бо Томаш Вішнеўскі нядаўна арганізаваў курс вывучэння ідыш. Другая справа – актывізацыя акадэміі – універсітэтаў, гісторыкаў, якія тут працуюць, каб моцна заняліся вывучэннем рэгіёну. І трэцяя справа, якую лічу фундаментальна важнай, – утварэнне саюзу паміж самаўрадам і акадэміяй. Канферэнцыя арганізавана для таго, каб не толькі памятаць, але і каб памятаць прафесійна.
Па словах удзельнікаў канферэнцыі, важныя дакументальныя крыніцы па гісторыі яўрэяў Беластока ХІХ ст. знаходзяцца ў архівах Менску, Гародні, Масквы і Санкт-Пецярбургу. Доступ да іх з прычыны палітычнага крызісу зараз немажлівы. Аднак менавіта гэты перыяд маладаследаваны і хавае ў сабе новыя гістарычныя адкрыцці.










Беларускае Радыё Рацыя
