У сталіцы Падляшша распачаўся беларуска-ўкраінскі пленэр: «Беласток. Я тут жыву»



Ля беластоцкай ратушы ўрачыста адкрыўся беларуска-ўкраінскі мастацкі пленэр пад назвай «Беласток. Я тут жыву».

Урачыста адкрыў пленэр намеснік Прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч:

-Беларусы і ўкраінцы знаходзяць свой дом, прынамсі, часовы прыстанак тут,  у Беластоку, у Польшчы. І мы хочам, каб яны адчувалі сябе як найлепей. Каб не адчувалі сябе выгнаннікамі, эмігрантамі, а выключна часткай нашай супольнасці. Каб маглі тут працаваць, рэалізоўваць свае памкненні, свае мары. І нармальна жыць. Бо мы – суседзі. Мы – братэрскія народы.

Важнасць акцыі падкрэсліў арганізатар, старшыня праўлення Фонда OKNO NA WSCHÓD Павел Міцкевіч:

-Гэта беларуска-украінскі мастацкі пленэр «Беласток. Я тут жыву», у якім удзел бяруць нашыя падапечныя мастакі з Беларусі і Украіны. І гэтая акцыя – гэта сімвалічны момант, у якім у Беластоку мы першы раз даем магчымасць выказацца людзям, якія з’ехалі і жывуць у Беластоку, каб яны адказалі на пытанне, як ім тут. Як яны сябе тут адчуваюць, як ім жывецца?

У пленэры возьмуць удзел 14 мастакоў з Беларусі і Украіны, якія намалююць розныя віды вуліц Беластоку. Вернісаж твораў, створаных падчас пленэру, плануецца да адкрыцця ў кастрычніку ў галерэі Alfa Centrum Białystok, па вул. Świętojańska 15.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя