У Супраслі адкрылі выставу прац Віктара Волкава
Менавіта сёння, 27 сакавіка, мінае пяць гадоў з дня смерці славутага фатографа. Віктар Волкаў быў адным з выдатнейшых мастакоў Польшчы. Свае фотаздымкі рабіў перш за ўсё над падляшскімі рэкамі: Бобрай і Нарвай. Выстава, адкрытая ў Супраслі, гэта частка прац, якія паўсталі з нагоды Дня горада Беластока ў 2010 годзе, кажа дырэктар Беластоцкага асяродка культуры, Гражына Дваракоўска:
— У межах дзён горада Беластока мы паказвалі выставу Віктара Волкава, падрыхтаваную супольна з Дэпартаментам аховы навакольнага асяроддзя, у Беластоку на рынку Касцюшкі. Мы зладзілі даволі вялікую пленэрную выставу, каля 100 фотаздымкаў, якія выбраў Віктар Волкаў. Мне здаецца гэта была цікавая ініцыятыва, якую паглядзела шмат асобаў і у нас было мноства добрых водгукаў пра гэтую выставу.
Працы Віктара Волкава вісяць на плоце Пластычнага ліцэя ў Супраслі. З гэтым горадам была звязаная большая частка жыцця мастака. Выставу неўзабаве можна будзе таксама паглядзець у Белавежы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара