У Супраслі асвяцілі адноўленую царкву Дабравешчання Багародзіцы



37 гадоў рамонтных прац і як вынік – асвячэнне царквы Дабравешчання Багародзіцы ў Супраскім манастыры на Падляшшы.

Дабравешчанская царква была пабудаваная ў пачатку 16 стагоддзя. Яе сцены пакрывалі прыгожыя фрэскі аўтарства манаха Нектарыя з Сербіі. Будынак спалучаў два стылі: гатыцкі і візантыйскі, і прыпамінаў абарончыя цэрквы ў Сынкавічах і Малым Мажэйкаве. 24 ліпеня 1944 года гітлераўскія войскі ўзарвалі царкву, яе адбудова пачалася ў 1984 годзе. Рэлігійную ўрачыстасць у Супраслі ў нядзелю, 27 чэрвеня, узначаліў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава:

– Дзякуем, што з волі Божай пры супольным высілку змаглі завершыць гэтую важную справу.

На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія вернікі, а таксама прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку ваявода Падляшскага ваяводства – Богдан Пашкоўскі:

– Хацеў бы падзякаваць, нягледзячы на розныя цяжкасці атрымалася гэтую справу вяртання праваслаўнай царквы, гэтай святыні, завершыць.

Дабравешчанская царква ў Супраскім манастыры мае прыгожае аздабленне. На сценах пабачым фрэскі, якія паўтараюць арыгіналы з 16 стагоддзя і створаныя ў старой тэхніцы працы па мокрым тынку.

Прысутным перадаў свае віншаванні прэзідэнт Анджэй Дуда, ліст якога на ўрачыстасці зачытаў міністр Адам Квяткоўскі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Departament Polityki Informacyjnej Urząd Marszałkowski Województwa Podlaskiego