У Супраслі маліліся за ахвяраў смаленскай катастрофы



Сёння спаўняецца 9-я гадавіна смаленскай катастрофы, у выніку якой загінулі 96 чалавек, у ліку якіх прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка Марыя, а таксама высокапастаўленыя прадстаўнікі ўраду і духавенства.

На борце прэзідэнцкага самалёта знаходзіліся чатыры асобы, што паходзілі з Падляшша: апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, віцэ-маршалак Сенату Кшыштаф Путра, праваслаўны капелан польскага войска архіепіскап Мірон і сцюардэса Юстына Манюшка.

Вечарам а 18-й гадзіне ў Беластоку пройдуць урачыстасці па ўшанаванні ахвяраў катастрофы ў касцёле святога Роха і каля помніка ахвярам смаленскай катастрофы з удзелам ганаровай варты польскага войска. А 9-й раніцы ў Супрасльскім манастыры, дзе пахаваны архіепіскап Мірон, адслужылі паніхіду.

Адмысловая служба ў памяць пра ўладыку таксама пройдзе ўвечары ў Царкве ўсіх святых у Беластоку. Пазней вернікі пройдуць шэсцем да колавага скрыжавання, якому прысвоена імя архіепіскапа, дзе запаляць знічкі памяці.

Беларускае Радыё Рацыя