У Супраслі прайшла міжнародная канферэнцыя
Фінансавыя магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва і абмен досведам, сярод іншага, абмяркоўваўся ў Супраслі.
Менавіта тут пачалася міжнародная канферэнцыя „Мясцовае самакіраванне Польшчы на восі супрацоўніцтва Усход-Захад”. Польшча вядзе дыялог з Беларусcю на найвышэйшым узроўні, адзначыў старшыня польска-беларускай парламенцкай групы Мечыслаў Казімеж Башко:
– Ажывілі супрацу, сустрэчы адбываюцца на нашым баку, ужо два разы былі на сустрэчах на беларускім баку. Удзельнічалі ў гаспадарчым форуме „Добрасуседства”. Перадусім у нас гаспадарчая супраца, а таксама навуковая, турыстычная, спартовая. Яшчэ адна галіна супрацоўніцтва – гэта гістарычная. Ёсць у гісторыі факты з якімі трэба сутыкнуцца і прыняць.
Канферэнцыю адкрыў даклад Томаша Дашчоўта, які быў прымеркаваны да 450-годдзя Люблінскай уніі. На яго думку, стаўленне гісторыкаў з усходу да ўніі памянялася пасля развалу СССР:
– Ацэнкі з боку літоўскіх, беларускіх, украінскіх гісторыкаў больш узважаныя і не такія крытычныя ў адносінах да ўніі. Увага не акцэнтуецца толькі на апалячванні і акаталічванні, але і на ўплыве польскай культуры, якая шмат у якіх аспектах спрычынілася да развіцця гэтых земляў.
Арганізатарам канферэнцыі з’яўляецца Нацыянальны інстытут мясцовага самакіравання і Гарадская ўправа Супрасля.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя