У Супраслі пройдзе “Палітра падляшскіх культур”



Рыхтуецца новае мерапрыемства з удзелам падляшскіх нацменшасцей. У Супраслі пройдзе першы фестываль “Палітра падляшскіх культур”. Сваю кухню, музыку ды танец пакажуць нацменшасці, якія пражываюць на Падляшшы. Выступяць, між іншым, беларускія гурты Ilo&Friends”, Ostrov” ды эстрадны калектыў «Прымакі». Заспявае таксама фальклорны калектыў “Жэмэрва”.

Супрасль – гэта дасканалае месца, каб паказаць разнавіднасць культур былога Вялікага Княства Літоўскага, кажа бургамістр Радаслаў Дабравольскі.

У Супраслі розныя меншасці – нацыянальныя, этнічныя, рэлігійныя – пакінулі свой гістарычны след. Гэта ў Супраслі адкрыты Супрасльскі рукапіс – найстарэйшы здабытак славянскай старацаркоўнай мовы. Тут былі і найстарэйшыя расейскія хронікі, у якіх запісана гісторыя ВКЛ.

Фестываль “Палітра культур Падляшша” пройдзе 18-20 жніўня. Мерапрыемства распачне ў пятніцу канцэрт гуртоў Ilo&Friends”, Ostrov”, а таксама польскай зоркі – гурта ENEJ”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота bialystok.naszemiasto.pl