У цэнтры Беластока знайшлі больш двух дзясяткаў габрэйскіх мацэваў
У цэнтры Беластока, на старых Рабінацкіх могілках, знайшлі больш двух дзясяткаў старых каменных габрэйскіх мацэваў. Былыя габрэйскія могілкі, на месце якіх зараз разбіты адзін з гарадскіх паркаў пры вуліцы Кастуся Каліноўскага, былі закладзеныя прыкладная каля 1760 года. Апошняе пахаванне тут было датаванае 1890 годам, пасля чаго гэты пагорак ў жыдоўскім раёне Ханайкі быў зачынены для пахаванняў. Але працягваў існаваць, як месца памяці.
У 1973 годзе, пад правядзенне свята Дажынак, старыя Рабінацкія могілкі былі канчаткова пераўтвораныя ў гарадскі парк. Апошнія дзве мацэвы прастаялі да 2007 года, пасля чаго былі вывезеныя на жыдоўскія могілкі пры вуліцы Усходняй. Але старыя пахаванні з парку так і не вывозіліся.
Размовы пра тое, што курган, які размешчаны каля Падляшскай оперы і філармоніі, можа хаваць у сабе старыя надгробкі хадзілі даўно. І вось гэтую легенду вырашылі праверыць, і днямі з нетраў кургана вынялі больш двух дзясяткаў старых каменных габрэйскіх мацэваў. І, па меньшай меры, адзін надгробак з выявай хрысціянскага крыжа. Меркавана з суседніх старых праваслаўных могілкаў.
Зараз знойдзеныя мацэвы размешчаны ў парку побач з кураганам. Да іх мясцовыя габрэі ўжо нясуць каменьчыкі. Згодна з габрэйскай традыцыяй замест кветак.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя