У цэнтры Варшавы можна пачаставацца беларускай верашчакай



У Варшаве з ліпеня дзейнічае грамадска-прадпрымальніцкі праект «Кухня Канфлікту». Ён накіраваны на тое, каб даць мігрантам з розных краін магчымасць паказаць свае культуры, перадусім — нацыянальныя кухні.

DSCF4979-

На гэтым тыдні тут частуюць і беларускімі прысмакамі. Арганізатарам ініцыятывы з’яўляецца Ярміла Рыбіцка:

Трое з нас ужо раней займаліся грамадскай актыўнасцю. Мы мелі ахвоту зрабіць нешта ў сферы дапамогі іншым. Назіраючы за міграцыйным крызісам, мы абмяркоўвалі, што мы можам зрабіць, нават не з самім крызісам, але з праблемай таго, як палякі ўспрымаюць бежанцаў, мігрантаў, іншаземцаў. І як можна пазітыўна паўплываць на гэты страх, перамагчы розныя стэрэатыпы, напрыклад, такі, што людзі з Украіны, з Беларусі прыязджаюць, каб забраць нашы месцы працы. Але не, яны самі маюць прадпрымальніцкі дух, яны працавітыя і самі могуць ствараць месцы працы.

У нас ёсць дзяўчыны з Ірану, з Украіны, з Беларусі, хлопцы з Пакістану, Алжыру, Сірыі, з намі цяпер супрацоўнічаюць каля дзесяці асобаў.

Асобай з Беларусі, якая супрацоўнічае з «Кухняй Канфлікту», з’яўляецца журналістка Аліна Коўшык:

— Пра гэты праект я даведалася ў інтэрнэце, калі ён фактычна ўжо распачаўся, але патрэбныя былі яшчэ людзі.

РР: А чаму Вы хацелі далучыцца?

— Я люблю палітыку, прафесійна займаюся ёю як журналістка. Таму тэма мігрантаў, бежанцаў мне вельмі блізкая. Плюс я сама прыехала з Беларусі. Акрамя таго я вельмі люблю гатаваць. Таму я падумала, што гэты праект для мяне – такое спалучэнне розных маіх зацікаўленняў.

Штотыдзень мы ствараем новае меню, прысвечанае пэўнаму рэгіёну. На гэтым тыдні кухня беларуская, украінская, крыху грузінская, з такімі акцэнтамі на ўсход ад Польшчы. З беларускіх страваў мы частуем верашчакаю на піўным соусе з белай каўбасой, а таксама падаем да гэтага грачаныя бліны. З блінамі падаем таксама салат з селядцом, і трэці варыянт, такі вегетарыянскі, грузінскі, — з баклажанамі.

DSCF4989-

Аліна Коўшык і арганізатарка «Кухні Канфлікту» Ярміла Рыбіцка

DSCF4992-

Грачаныя бліны з верашчакай

Сваімі ўражаннямі ад страваў дзеляцца мінакі, адным з якіх аказаўся беларус з Падляшша.

Рыгор:

— Я нарадзіўся ў Беластоку, працую і жыву ў Варшаве. Я ўжо чацвёрты ці пяты раз тут, я заўжды каштую, што яны тут гатуюць. Гэта вельмі прыемна пакаштаваць штосьці, што смакуе, як дома. Тут наша беларуская сяброўка Аліна гарантуе, што гэтая ежа традыцыйна беларуская.

Пётрэк:

—Я ем бліны з селядцом і яблыкам. Цудоўна! Пакуль вы сюды не прыйдзеце, дык не скаштуеце ўсяго гэтага, таму мусіце прыехаць і самі пакаштаваць. А я вам гэта раю.

Аліна Коўшык:

— Акрамя кухні мы таксама ствараем культурную праграму. Першай нашай спробай быў майстар-клас па стварэнні традыцыйных беларускіх абрадавых лялек. Мы стваралі лялькі-жаданніцы. Лялька-жаданніца робіцца са старой вопраткі, тканіна на яе рвецца. Лічыцца, што не трэба, каб дакраналіся нажнічкі ці іголка, бо яны забіраюць добрую энергію як ад людзей. Яны рабіліся без твару, каб у іх не ўсялялася душа. Калі лялька была ўжо гатовая, з сукенкай, з усім, да яе прычаплялі такую пацерачку, і трэба было загадаць жаданне. І пасля гэтага ляльку трэба было схаваць.

Ёсць таксама іншыя лялькі. Напрыклад, лялькі-падарожніцы. Ёй звязвалі ручкі, а ў іх давалі торбачку з роднай зямлёй. І калі людзі падарожнічалі, яны яе заўсёды мелі з сабой як напамін пра родную старонку.

Мне падаецца, што гэта вельмі прыгожая традыцыя. І сапраўды вельмі добры падарунак нават камусьці ў замежжа завезці.

Мы таксама плануем паказваць фільмы, магчыма штосьці пакажам з дакументальных фільмаў з «Белсату», бо акрамя майстар-класаў мы хочам арганізоўваць дыскусіі і іншыя актыўнасці.

DSCF4995-

DSCF4996-

Аліна Коўшык расказвае пра ляльку, якую стварыла сама

Ярміла Рыбіцка:

— Мы стараемся інфармаваць людзей, што адбываецца ў дадзеных краінах, прадставіць культуру і традыцыі з больш пазітыўнага, прывабнага боку. Перадусім, гэта інфармацыйныя матэрыялы.

Беларуская культура будзе ў цэнтры ўвагі «Кухні Канфлікту» да нядзелі ўключна, а сам праект працягнецца да канца цёплага сезону. Арганізатары ініцыятывы спадзяюцца ўвосень ператварыць «Кухню» у нешта большае і сталае.

DSCF5003-

DSCF5022-

DSCF5034-Жыхары Варшавы спажываюць верашчаку на беразе Віслы

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара