У Цярэспалі пройдзе фестываль калядак
28-29 студзеня ў польскім Цярэспалі адбудзецца “XXII міжнародны фестываль усходнеславянскіх калядак”. Мерапрыемства праводзіцца штогод і збірае пад дахам актавай залы мясцовага асяродка культуры музычныя калектывы з Усходняй Еўропы і Польшчы. Падрабязней кажа дырэктар фестывалю і кіраўнік Гарадскога асяродка культуры ў Цярэспалі Ганна Пятрусік:
– Мэта фестывалю, як і ў папярэднія гады, найбольш шырокая прэзентацыя асяроддзяў і таго, што яны робяць: спяваюць усходнеславянскія калядкі ў гэтай традыцыі. Хочам, каб быў прэзентаваны увесь дыяпазон. Дзесьці палова – гэта беларускія і ўкраінскія гурты. Думаю, значэнне такога фестывалю цяжка пераацаніць. Праваслаўныя вернікі яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму складалі тут калі не большасць, то роўную колькасць з каталікамі.
Сачыць за інфармацыяй пра фестываль можна на ягонай афіцыйнай вэб-старонцы. Арганізатарамі сёлетняга мерапрыемства выступілі: Фонд “Дыялог народаў”, Люблінска-Хелмская праваслаўная епархія, Гарадскі асяродак культуры ў Цярэспалі і Надбужскі цэнтр праваслаўнай культуры.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Цярэспаль
Фота news.21.by