У Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча з амбасадарам ЗША



Варшаўскія студэнты мелі магчымасць сустрэцца з Амбасадарам Злучаных Штатаў Амерыкі ў Польшчы Стывенам Мюлам. На сустрэчы былі падняты розныя пытанні, у тым ліку скандал з таемнымі турмамі ЦРУ у Еўропе, магчымасць скасавання віз для польскіх грамадзянаў ды іншыя. Аднак галоўнай тэмай сустрэчы быў расейска-ўкраінскі канфлікт.

WP_20150317_017[1]_1000x1333

Стывен Мюл зазначыў, што ЗША бачаць санкцыі як эфектыўны сродак уздзеяння на Расею, і яны ўжо аказалі ўплыў на расейскую эканоміку:

– Санкцыі, накладзеныя Захадам на Расею, дзейнічаюць. Расея ўжо згубіла 60 млрд даляраў, а ў дадатак, як збег акалічнасцяў, мы назіраем драматычны спад коштаў на нафту і газ, што таксама моцна цісне не Расею.

Студэнты адзначылі, што выступ амбасадара быў цікавы, аднак ня ўсім была да спадобы пазіцыя ЗША:

– Вельмі спадабалася сустрэча. Амбасадар нагадваў шоумэна, тыповы амерыканец.  Ён пасол, таму мусіў гаварыць дыпламатычна.

– Словы спадара амбасадара вельмі добрыя. Але гэта толькі словы. А факты такія, што еўрапейцы чарговы раз засталіся сам насам перад пагрозай расейскай агрэсіі.

– Пасол сказаў, што Захад надалей будзе прытрымлівацца санкцый, вельмі дзейсных, па ягоных словах. Але я так не лічу, бо колькі не падпісваліся Менскія дамоўленасці, але ўсё роўна, гінуць нашыя ўкраінскія вайскоўцы.

Сустрэча была арганізаваная Незалежным згуртаваннем студэнтаў Варшаўскага Універсітэта.

WP_20150317_027[1]_1000x750

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара