У Варшаве адбылася акцыя „Дзве нацыі – адзін вораг”
У Варшаве адбылася акцыя беларуска-ўкраінскай салідарнасці „Дзве нацыі – адзін вораг”.
Удзельнікі мерапрыемства сустрэліся ля помніка Тадэвушу Касцюшку, зладзілі марш у падтрымку ўкраінцаў і гонар загінулых, паслухалі выступы беларускіх дзеячаў. Сярод апошніх – Зянон Пазьняк, прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету, арганізацый „РУХ”, „Паспалітае рушэнне” і “Вольная Беларусь”. Далучыўся да падзеі і лідар гурта „N.R.M.” Піт Паўлаў.
Чаму ўдзел у акцыі „Дзве нацыі – адзін вораг” быў важным для Аб’яднанага пераходнага кабінету, распавёў яго прадстаўнік Аляксандр Азараў:
– Па-першае, нашы супрацоўнікі цяпер ваююць ва Украіне, на баку УСУ. Дапамагаюць ім змагацца з нашым супольным ворагам. Мы апошнім часам даслалі дзве групы новых байцоў, каб яны атрымалі баявы досвед і дапамаглі потым вярнуць незалежнасць Беларусі, паўдзельнічаць у нашым плане. Таксама мы былі стваральнікамі „Харугваў”, таму наш абавязак падтрымаць гэтую арганізацыю, падтрымаць іх акцыі.
“Спадзяемся, што ўсе беларускія сілы, якія хочуць вызвалення Беларусі, будуць працаваць разам”, – дадаў Аляксандр Азараў.
Беларускае Радыё Рацыя