У Варшаве адбыўся шматкультурны вулічны фестываль з беларускім удзелам
Штогадовы шматкультурны фестываль „Wielokulturowe Warsawskie Street Party” заўсёды адбываецца ў апошнюю нядзелю жніўня. Фестываль адкрыўся парадам, на якім сярод 7 калонаў была і супольная ўкраінска-беларуская.
А непасрэдна ў фестывальным мястэчку каля 60 прадстаўнікоў розных культур прадстаўлялі свае культуры, мастацтвы, кухню і рамёствы. Беларуская культура сярод іх была прадстаўлена ўпершыню.
Танцоўшчыца самбы:
— Чаму я сёння тут? Бо самба – гэта маё захапленне. Я люблю Бразілію, бразільскую музыку, гэтую атмасферу, люблю, калі так цёпла, хоць можа сёння і занадта горача. Я хачу паказваць тое, што раблю і люблю.
Глядачка:
— Я люблю музыку, люблю танцы. Я заўсёды сюды прыходжу, каб паглядзець самбу.
Мілаш Маеўскі з Варшавы:
— Я напалову ўкраінец і не саромеюся свайго паходжання. Я святочна адзначаю гэта, так належыць рабіць са сваім паходжаннем. Я проста адчуў, што трэба сюды прыйсці, трэба падтрымліваць украінскую меншасць. Украінцаў сюды прыйшло нешта з 50 асобаў, таму ёсць розніца: прысутны, ці не.
Я думаю, што бразільская секцыя крышачку занадта галосная, але яны маюць да гэтага права. Такая культура. Раз на год могуць барабаніць колькі хочуць.
Аксана, «Еўрамайдан Варшава»:
— У нас створана падзея на Фэйсбуку, мы запрашалі людзей далучыцца да нашага параду. Прыйшло каля ста чалавек, мяркую, каб падтрымаць нас. І сёння мы ўсе дружнаю калонай прайшліся і, думаю, годна прадставілі нашу Украіну ў вышыванках, як гэта і павінна быць, святочна, з файным настроем, і думаю, што ў нас гэта атрымалася.
Вольга Бабурына, народны майстар беларускай выцінанкі:
— Мне прыемна, што я ў Варшаве не ў першы раз, у Польшчы тым больш, і кожны раз я прыязджаю з выцінанкамі. Мне было прыемна, што падыходзілі палякі, якія казалі, што яны мяне ўжо ведаюць. Яны бачылі мае відэа на Youtube, яны ўжо выціналі выцінанкі. Гэта мяне цешыць. Я думаю, што вельмі хутка палякі будуць выразаць беларускія выцінанкі, не толькі польскія. Мне было прыемна, што выціналі не толькі дзеці, але і дарослыя людзі. Былі людзі менавіта розных узростаў.
Аліна Коўшык, тэлевядоўца, майстар па абрадавых ляльках:
— Сёння быў цудоўны дзень. Майстар-клас прайшоў вельмі ўдала. Інтарэс быў сярод дарослых, і што мяне найбольш цешыць – сярод маленькіх дзяцей. Што таксама цікава, былі людзі з абсалютна розных краін, я пытала, былі дзяўчыны, напрыклад, нават з В’етнаму. Увесь час было шмат людзей, нават цяжка падлічыць, колькі лялек мы сёння зрабілі.
Дзяўчынка (якая зрабіла ляльку):
— Гэта такая лялька, якая здзяйсняе жаданне. Але я не магу назваць гэтага жадання, ані паказаць ляльку пасля таго, як прычаплю ёй пацерку на руку або на нашыйніку. Бо тады жаданне не здзейсніцца.
РР: А ты верыш, што жаданне здзейсніцца?
— Не, але думаю, што людзі, якія жылі даўно, у гэта верылі.
Сяржук Доўгушаў, спявак, музыка, гурт «Vuraj», суарганізатар «Спеўных сходаў»:
— Канешне, цяжка праз тое, што так спякотна, але калі людзі добра ўспрымаюць, а сёння прыйшлі і беларусы, і ўкраінцы, і палякі, слухалі, потым спявалі разам, — калі людзям цікава, то тут ёсць такі пазітыў, энергія, ты аддаеш і атрымліваеш назад.
Хацелася зрабіць больш адаптаваны варыянт, таму падрыхтавалі тэксты, напісаныя лацінкай і з маленькімі тлумачэннямі, каб кожны паляк мог зразумець, пра што песня спяваецца.
Арганізатарамі беларускай часткі сталі «Ініцыятыва Вольная Беларусь» і «Мова Нанова ў Варшаве». Акрамя ўдзелу ў майстар-класах па выцінанцы, ляльках і музыцы, наведвальнікі беларускага кутка маглі таксама пачаставацца беларускімі слодычамі. Запрошаныя з Беларусі вядоўцы майстар-класаў выказалі надзею, што беларускае прадстаўніцтва будзе павялічвацца на наступных Фестывалях.
[Not a valid template]
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара