У Варшаве адкрылася выстава “Птушкі з народам”



На выставе прадстаўлена больш за 30 работ, якія аўтар – Антось Радзівонаў – стварыў за апошнія некалькі год у Беларусі і ў эміграцыі. Акрамя твораў, прымеркаваных да пратэстаў у краіне, можна ўбачыць і 2 карціны, прысвечаныя жонцы мастака. Адна з прац – “Мёртвая птушка” – створная ў памяць пра катаванні беларусаў, якія абаранялі сваю краіну.

Расказвае Антось Радзівонаў:

-Задума пачалася з канца 2020 года. Пасля таго, як мяне арыштавалі, я захварэў кавідам і ўжо пасля 15 лістапада я не выходзіў на акцыі, бо адчуваў сябе не вельмі, у мяне былі пашкоджаны лёгкія. І я пачаў ствараць серыю гэтых прац. Што мяне натхніла? Увогуле, калі я быў на пратэстах, я бачыў людзей. Гэта не тое што птушкі, гэта як увасабленне вобразаў чалавечых з бел-чырвона-белымі сцягамі. У мяне ёсць задума зрабіць карцтну “Птушыны мітынг”.

Падтрымаць мастака на адкрыцці прыйшлі былыя акцёры Купалаўскага тэатра, музыкі і мастакі.
Дарэчы, для Антося Радзівонава гэтая выстава стала дэбютам.

Убачыць працы творцы можна да 20-га лістапада ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11). Уваход вольны.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя