У Варшаве адкрыўся дом-прытулак для ўцекачоў з Беларусі



У Варшаве адбылося афіцыйнае адкрыццё дому-прытулку для ўцекачоў з Беларусі. “Мірны дом” – так назвалі гэтае месца – удалося стварыць дзякуючы высілкам многіх людзей, у тым ліку добраахвотнікаў. Сродкі на арэнду дому збірала Фундацыя HUMANOSH імя Славы ды Ізка Валасянскіх, якая здаўна займаецца дапамогай уцекачам у Польшчы. Пасля падзей жніўня мінулага года, калі ў Польшчу пачалі ўцякаць апаненты рэжыму Лукашэнкі, асноўнай мэтай дзейнасці фундацыі стала падтрымка беларускіх уцекачоў.

На адкрыцці „Мірнага дома” прысутнічаў кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. „Калі той, хто вымушаны з’ехаць з Беларусі, прыязджае за мяжу, зразумела, што трэба мець дах над галавой, трэба мець такі “Мірны дом», які мы бачым сёння тут, у Варшаве”, – сказаў Латушка.

Па відэасувязі з сабранымі звязалася таксама Святлана Ціханоўская, якая падзякавала фундацыі за дапамогу і падкрэсліла, наколькі важная для беларусаў у гэтыя цяжкія часы салідарнасць і згода.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters