У Варшаве адзначылі Дзень Незалежнасці Украіны
У Варшаве на Замкавай плошчы адбылося святкаванне Дня Незалежнасці Украіны.
Падчас падзеі выступілі пасол Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч, а ў фармаце анлайн далучыліся прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Польшы Анджэй Дуда.
Таксама на мерапрыемстве былі ўручаныя ўзнагароды „Stand With Ukraine Awards”. Іх атрымалі палякі, якія падтрымліваюць Украіну падчас вайны.
Пасол Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч выступіў на святкаванні Дня Незалежнасці Украіны ў Варшаве. Ён зазначыў, што падтрымка палякаў адчувалася яшчэ амаль 30 гадоў таму:
– Польшча першай з усіх краін прызнала незалежнасць Украіны ў 1991 годзе. З таго часу практычна нічога не памянялася. Больш за тое, у польскім грамадстве змянілася ўсведамленне таго, наколькі мы блізкія, украінцы і палякі. Мы аб’яднаныя супольнымі каштоўнасцямі, мы маем разуменне, што значыць для кожнага з нас свабода і незалежнасць. Польшча ў сваёй гісторыі неаднаразова адстойвала свабоду і незалежнасць коштам уласнага жыцця. Сёння тое самае робіць Украіна, Польшча падтрымлівае нас, бо Польшча падтрымлівае свабоду.
„І мы дзякуем палякам за гэтую падтрымку”, – дадаў Васіль Зварыч.
Сярод такіх быў адзначаны і польскі публіцыст, палітолаг, сацыёлаг, заснавальнік руху Krytyka Polityczna Славамір Серакоўскі. Ён распавёў, з якімі думкамі сустрэў Дзень Незалежнасці Украіны ў Варшаве:
– З пачуццём удзячнасці для ўкраінцаў і беларусаў, што бароняць не толькі Украіну, а таксама Польшчу і ўсю Усходнюю Еўропу. Я, як паляк, які ведае польскую гісторыю, ведаю, што вайна гэта не вестарн. Вайна з Расеяй патрывае, яе можна выйграць. Я ўпэўнены, што ўкраінцы перамогуць. Для мяне важна, каб тады адбыліся змены ў Беларусі. Я быў падчас пратэстаў у Беларусі, у жніўні і на пачатку верасня. Браў удзел ва ўсіх дэманстрацыях. Маё сэрца б’ецца для Украіны таксама, як і для Беларусі.
Свята ў Варшаве завяршылася канцэртам украінскіх гуртоў.
Беларускае Радыё Рацыя