На Дзень Волі ў Варшаве адбудзецца ўручэнне прэміі Хартыі-97



25 сакавіка ў Беларускім доме ў Варшаве адбудзецца падвойнае святкаванне. Цырымонія ўручэння Нацыянальнай прэміі Хартыі’97 у галіне правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча абяцае быць не сумнай.

Сярод лаўрэатаў апынуліся такія значныя для Беларусі асобы, як Васіль Парфянкоў, Віктар Гуркоў, Эдуард Лобаў і Антон Цялежнікаў.

Акрамя таго пасля цырымоніі ўручэння адбудзецца творчая сустрэча з беларускім мастаком і вядомым грамадскім дзеячом Аляксеем Марачкіным.

На мерапрыемства запрашае дырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Традыцыйна ўручэнне прэміі Хартыі 97 адбываецца ў сакавіку. Для таго, каб не збіраць людзей у розных памяшканнях, вырашылі спалучыць такім чынам: і адсвяткаваць Дзень Волі і ўручыць прэмію Хартыі-97. Усіх вельмі шчыра запрашаем, прыходзьце, беларусы Варшавы, беларусы Польшчы, якія ў той дзень будуць у Варшаве, Прыходзьце ў Беларускі дом, разам адсвяткуем Дзень Волі – важны для ўсёй беларускай нацыі Дзень.

Пачатак мерапрыемства а 14-й гадзіне.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

22 сакавіка беларусы Варшавы сабраліся пад помнікам Тадэвушу Касцюшку, каб адзначыць дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля мітынгу калона беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі рушыла цэнтральнымі вуліцамі польскай сталіцы.

SAM_0418

„Дэманстрацыя з’яўляецца знакам таго, што мы таксама маем права на існаванне”, – лічыць адзін з удзельнікаў акцыі, гісторык з Магілёва Сяргей Ношка:

– Гэта вельмі добры знак для беларусаў, тут у Варшаве паказаць, што Беларусь – гэта не штосьці на ўсходзе, а таксама дзяржава, якая атрымала сваю незалежнасць нават раней, чым Польшча.

У гэтым годзе свята беларускай незалежнасці аб’яднала розныя нацыянальнасці.

Падтрымаць беларусаў прыйшлі таксама палякі, украінцы, татары і нават расейцы.

Кажа прадстаўнік аб’яднання „За вольную Расею”, масквічка Валянціна Чубарава:

– Мы з маімі сябрамі спадзяемся, што хутка ўжо не будзе такім дзіўным убачыць на такіх акцыях расейскі сцяг таму, што ў расейскай імперскай свядомасці нават Украіну з цяжкасцю адпускаюць і бачна, як да гэтага ставяцца, а Беларусь увогуле не ўспрымаюць усур’ёз. Гэтую імперскую свядомасць трэба разбураць і мяняць стаўленне да Беларусі – паважаць у ёй незалежную краіну.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 100 чалвек.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Варшава