У Варшаве апаганілі помнік Тадэвушу Касцюшку



Прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі заявіў, што помнік Тадэвушу Касцюшку, які быў апаганены мінулай ноччу, будзе вычышчаны ў хуткім часе. Учора на помніку з’явіўся надпіс па-ангельску, які азначае „Чорнае жыццё мае значэнне”.

Варшаўскі помнік – копія статуі Тадэвуша Касцюшкі, якая стаіць у Вашынгтоне і напярэдадні таксама была размаляваная рознымі надпісамі, пры тым, што сам Касцюшка змагаўся супраць расізму.

Помнік у Вашынгтоне быў апаганены ў панядзелак падчас хваляванняў, якія разгарэліся ў сувязі са смерцю чарнаскурага Джорджа Флойда, які памёр пасля арышту 25 траўня. У ЗША ў шматлікіх гарадах ужо некалькі дзён працягваюцца беспарадкі і пратэсты супраць паліцэйскага гвалту.

Рафал Тшаскоўскі, які напярэдадні распачаў кампанію ў рамках прэзідэнцкіх выбараў, падкрэсліў, што ніякай згоды на вандалізм няма. Муніцыпальныя службы ўжо выдалілі надпісы з варшаўскага помніка Тадэвушу Касцюшку.

Гарадскія ўлады паведамілі паліцыі пра здзяйсненне злачынства. Вядуцца пошукі вандалаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота polsatnews.pl