У Варшаве будуць пікетаваць латвійскую амбасаду
„Не дапусцім легітымізацыі дыктатуры!” – пад такім лозунгам у Варшаве пройдзе акцыя пратэсту супраць запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на саміт „Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў траўні ў Рызе.
Арганізатары акцыі падтрымліваюць супрацу паміж Беларуссю і краінамі Еўразвяза, але лічаць, што запрашэнне на саміт павінна быць накіравана ўраду Рэспублікі Беларусь ды апазіцыі.
Кажа прадстаўнік Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Зараз на фоне гэтых трагічных падзей, якія адбываюцца ва Украіне, якія адбываюцца ў Расеі, ёсць вельмі вялікая спакуса легітымізаваць дыктатара Лукашэнку. Забыўшыся, што не было б ніколі рэжыму Пуціна, калі б не атрымалася сярэдняму і ніжэйшаму звяну КДБ СССР і ГРУ прывесці да ўлады Лукашэнку ў 1994 годзе. Таму мы – Рух Салідарнасці „Разам”, заўтра будзем пікетаваць латвійскую амбасаду і будзем патрабаваць, каб не адбылася легітымізацыя дыктатарскага рэжыму.
Акцыя пратэсту адбудзецца каля амбасады Латвіі ў Варшаве 3-га сакавіка а 12-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя