У Варшаве дыскутавалі пра злачынствы выклятых жаўнераў



«Плямы на даспехах» („Skazу na pancerzach”) – гэта новая кніга Пятра Зыховіча пра чорныя старонкі дзейнасці антыкамуністычнага падполля ў Польшчы пасля Другой сусветнай вайны, якая выклікала абурэнне ў асяроддзі прыхільнікаў культу выклятых жаўнераў. Падчас прэзентацыі кнігі ў варшаўскіх «Гібрыдах» сабралася звыш сотні людзей, якія аспрэчвалі мэтазгоднасць публікацыі кніжкі пра злачынствы выклятых жаўнераў.

– Кажуць, што пасля прачытання маёй кнігі людзі будуць мець уражанне, што ўсе выклятыя жаўнеры былі монстрамі. Але гэта кніга пра маргіналаў. Я выхаваны ў кульце Віленскай Арміі Краёвай. Пазнаючы дзеянні тых афіцэраў і тых драматычных выбараў, сустрэўся не толькі з гераічнымі подзвігамі, але, на жаль, сустрэўся і з такімі ўчынкамі, калі людзі ў гэтых мундзірах выводзілі з халуп жанчын з навароджанымі дзецьмі, ставілі іх перад студняй і стралялі з блізкай адлегласці.

У дэбаце прымалі ўдзел аўтар кнігі Пётр Зыховіч, гісторык і грамадскі актывіст Лешэк Жэбровскі, стваральнік музея выклятых жаўнераў у Варшаве Аркадзіюш Карбовяк ды прафесар Алег Латышонак.

Кніга «Плямы на даспехах» ужо даступная ў кнігарнях. На вокладцы кнігі — здымак Рамуальда Райса «Бурага».

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя