У Варшаве адбыўся марш на Дзень беларускіх герояў (абноўлена)
Пад час мітынгу, які адбыўся пасля Марша Герояў, прагучалі ўсе вядомыя імёны слуцкіх паўстанцаў.
Беларусам не трэба ствараць міфалогію. У нас гісторыя, якая славіцца героямі, – гаворыць намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка:
– Тыя, хто змагаўся за нашую зямлю, за нашую Бацькаўшчыну, за нашую Радзіму. Нам не трэба Суворавых, Неўскіх. У нас ёсць Касцюшка, Каліноўскі. У нас ёсць шмат выбітных постацяў, якія праславілі беларускую зямлю. Сённяшнія героі, якія змагаюцца за вольную краіну, якія на жаль знаходзяцца ў турмах. Гэта нашыя сённяшнія героі – Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Максім Знак. Яны ствараюць сённяшнюю гісторыю.
Усе яны аддалі свае жыцці за незалежнасць, волю і свабоду, гаворыць пісьменнік і публіцыст Уладзімір Хільмановіч:
– Бралі ўдзел у гэтым паўстанні людзі, якія ведалі вартасць прыватнай уласнасці, вартасць сваёй дзяржавы, яны імкнуліся да стварэння, яны змагаліся супраць бальшавікоў за тое, каб Беларусь паўстала ўрэшце, як незалежная дзяржава. У гэтым палягае галоўная значнасць і гераізм тых людзей, якія кінулі няроўнай сіле бальшавікам, акупантам выклік, змагаліся са зброяй і паклалі сваё жыццё за тое, каб стварылася незалежная беларуская рэспубліка.
Таксама была ўшанавана памяць 40 сучасных герояў, забітых рэжымам дыктатара Лукашэнкі рознымі спосабамі. Удзельнікі Марша ўпэўнены, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе створаны народны музей памяці, імёнамі герояў будуць названы вуліцы і будуць стаяць іх помнікі.
Мітынг скончыўся каля 15.30.
Выступілі розныя беларускія палітыкі, у тым ліку Павел Латушка.
Зміцер Бартосік выканаў песню Андрэя Мельнікава на верш Алеся Змагара „Я сын таго краю…”
Далей зачыталі прозвішчы вядомых слуцкіх паўстанцаў.
Выступілі гісторыкі, а наступным меў слова Адам Міхнік.
Было зачытана вітальнае слова ад Івонкі Сурвілы.
Ля помніка Каперніку пачаўся мітынг. Першым далі слова ксяндзу Вячаславу Барку.
Шэсце рушыла па вуліцах польскай сталіцы.
Калона сфармавалася на вуліцы Новы Свят.
Беларускае Радыё Рацыя