У Варшаве пахаваюць беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава
Сёння, 17 лютага, у Варшаве, а 15-й гадзіне адбудзецца пахаванне беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава.

Пахаваюць жаўнера-каліноўца на могілках Ваенныя Павонзкі.

34-гадовы Эдуард Лобаў загінуў за волю Беларусі і Украіны, кажа палітык Зянон Пазьняк:
– Мы дажылі да такога часу, калі змагаемся за волю са зброяй у руках, трацім сваіх ваяроў.

Галоўны рэдактар сайта „Хартыя 97” Наталля Радзіна:
– Гэта сапраўдны волат, сапраўдны герой Беларусі. Ён сядзеў у турме ў Беларусі, пратэставаў супраць дыктатуры, пратэставаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і ваяваў ва Украіне.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі:
– Вельмі цяжкі момант. Мы хаваем у Варшаве Эдуарда Лобава. Гэта герой свабоды.
Марына Лобава – маці Эдуарда, вельмі ўдзячна амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму, які зрабіў немагчымае магчымым, каб беларускага героя пахавалі ў Варшаве, дзе з 2018 года пражываюць яго бацькі. Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня ў баях пад Вуглядарам ва Украіне, змагаючыся з расейскімі акупантамі.
Беларускае Радыё Рацыя
